ЮСТЫНІЯ́Н I (Justinianos; 11.5.483, Таўрысій, Верхняя Македонія — 14.11.565),

імператар Візантыі [527—565]. З сялянскай сям’і. Адукацыю атрымаў пры двары свайго дзядзькі імператара Юстына I. У сваёй палітыцы, скіраванай на ўсталяванне неабмежаванай улады імператара, абапіраўся на сярэднія слаі землеўласнікаў і рабаўладальнікаў, на хрысціянскую царкву. Кадыфікаваў рым. права, рэфармаваў дзярж. апарат, армію, узмацніў кантроль за гандлем і рамяством. Лічыў сваёй задачай аднавіць Рым. імперыю ў былых яе межах: адваяваў Паўн. Афрыку, Сардзінію, Корсіку (533—534), Італію і Сіцылію (535—555), частку Пірэнейскага п-ва (554); вёў войны з Персіяй (527—532, 540—561) і славянамі. Садзейнічаў будаўніцтву гарадоў, ваен. умацаванняў, палацаў, храмаў, у т. л. Канстанцінопальскага Сафійскага сабора. Яго поспехі былі адносныя: імперыю ахоплівалі паўстанні (самарыцян у Палесціне ў 529—530, «Ніка» ў Канстанцінопалі ў 532 і інш.), склаліся прыкметы эканам. крызісу. Пры яго пераемніках усе заваёвы Ю. страчаны.

Літ.:

Агафий Миринейский. О царствовании Юстиниана: Пер. с греч. М., 1996;

Дашков С.Б. Императоры Византии. М., 1997;

Прокопий Кесарийский. Тайная история: Пер. с греч. Мн., 1999.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)